ЗАПІРА́ННЯ СХЕ́МА, антысупадзенняў схема,

электронная прылада дыскрэтнага дзеяння, прынцып работы якой заснаваны на вылучэнні пэўнай групы падзей (з’яўленне эл. імпульсаў, іанізавальных часціц ці інш.) пры ўмове, што хоць адна з іх адбываецца не адначасова з астатнімі. Мае некалькі ўваходаў і адзін выхад; выхадны сігнал выдаецца толькі пры адсутнасці сігналу на адным з уваходаў; напр., пры даследаваннях паглынальных здольнасцей рэчыва да забараняльных уваходаў З.с. далучаюцца лічыльнікі, размешчаныя пасля даследаванага слоя, да астатніх уваходаў — размешчаныя паміж крыніцай выпрамянення і дадзеным слоем. Выхадны сігнал мае інфармацыю толькі аб часціцах, паглынутых у выпрабаваным слоі рэчыва. Выкарыстоўваецца ў ядз. электроніцы, амплітудных аналізатарах, дэшыфратарах, дэкадавальных прыладах і інш.

А.В.Берастаў.

т. 6, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)